Гость | Группа "Гости" | RSS

 

Главная Мой профиль Выход

 
 Першая беларуская палітычная сацыяльная сетка
 
 

Наш опрос
Оцените мой сайт
Всего ответов: 942

Статистика

Онлайн всего: 1
Гостей: 1
Пользователей: 0

Форма входа

Главная » 2012 » Январь » 3 » Амаль 13 гадоў без Захаранкі
22:19
Амаль 13 гадоў без Захаранкі

Заўтра, 4 студзеня, экс-міністру ўнутраных спраў Беларусі Юрыю Захаранку споўнілася б 60 гадоў...

З генералам Захаранкам Аляксандру Лукашэнку не пашанцавала. Прызначаючы яго міністрам унутраных спраў Рэспублікі Беларусь, ён быў абсалютна ўпэўнены, што прымае аптымальнае кадравае рашэнне. Асабістая справа, якую ён старанна вывучаў, наконт гэтага ніякіх сумненняў не выклікала.

Юрый Мікалаевіч Захаранка нарадзіўся ў гарадскім пасёлку Васілевічы Гомельскай вобласці. Пасля школы быў прызваны на ваенную службу. Праходзіў яе на Балтыйскім флоце. Паступіў у Валгаградскае вучылішча, а затым і ў Акадэмію МУС. Працаваў у следчых органах. Прафесіянал высокага класа, характарыстыка бездакорная. Менавіта такі чалавек можа надзейна прыкрыць тылы і забяспечыць бяспеку ў той упартай барацьбе, якую вядзе новаабраны прэзідэнт. І выканае любы загад. Не думаючы. Не дапусціць нават цень сумневу. Бо гэта яго, прэзідэнта, загад.

Але тут А.Лукашэнка яўна даў маху. Самаўпэўненасць падвяла. І савецкая перакананасць у надзвычайнай аб’ектыўнасці анкеты. З яе вынікала, што Юрый Захаранка з простай, працавітай сям’і. Амаль такі самы вясковы хлопец, як і ён. А гэта значыць, што будзе страшэнна ўдзячны яму за такі кар’ерны ўзлёт.

Анкета, створаная ў глыбінях савецкіх часоў, -- гэта яшчэ не ацэнены ў поўнай меры бюракратычны шэдэўр. Там, здавалася, улічаны ўсе магчымыя параметры. Прасочаны сувязі і вытокі. Чалавек як на далоні. Анкета бясстрасна высвечвае ўсё, апроч другарадных, на думку кадравікоў, дэталяў біяграфіі. Аднак менавіта ў гэтых дэталях і ўтойвалася сутнасць будучага невырашальнага канфлікту.

Сказаць, што яго бацька і маці з сялян, працавітых людзей, -- гэта амаль нічога не сказаць. І ў вёсцы бываюць дужа розныя людзі. Бацькі Юрыя Захаранкі -- выхадцы з тых беларускіх і ўкраінскіх сялянскіх сем’яў, якія свята шанавалі маральны закон -- вядомыя ўсім запаведзі. Добра ведалі, чым розніцца дабро і зло. Яны стойка вынеслі ўсё тое, што шчодра адмерала ім савецкая рэчаіснасць. Галечу. Голад. Гады вайны. Рабства ў гітлераўскай Германіі. Пасляваеннае бяспраўе. Прайсці ўсе жахі сталінскага і нацысцкага пекла дапамагла ім непахісная ўпэўненасць, што ёсць рыса, якую ні пры якіх умовах чалавек пераступіць не можа. І сваім сынам яны здолелі перадаць гэтую перакананасць.

А чалавек, які ўзышоў на вышэйшую прыступку ўлады, шукаў сабе паплечніка, гатовага выканаць любы яго загад. Без разваг і сумневу. Юрый Захаранка на такую ролю ніяк не падыходзіў. Бездакорная анкета ўводзіла ў зман. Ды толькі Аляксандр Лукашэнка і думкі не дапускаў аб магчымых разыходжаннях у поглядах. Прадстаўляючы Юрыя Захаранку Міністэрству ўнутраных спраў у якасці новапрызначанага шэфа, ён, кажуць, нават выгукнуў з гарачнасцю: "З гэтым генералам я пайду да канца!”

Але ў той паход, куды рыхтаваўся Лукашэнка, Юрый Захаранка ісці не збіраўся. Канфлікт імкліва разгараўся. На пасадзе міністра генерал быў крыху больш за год. Аб прычынах сваёй хуткай адстаўкі ён расказаў журналістам. "Падобна на тое, што я заставаўся адным з нямногіх, хто гаварыў Лукашэнку праўду ў вочы. Тую праўду, якая біла па самалюбстве прэзідэнта. Аднойчы ён сказаў: "Ты павінен выконваць любы мой загад”. Я адказаў: "Аляксандр Рыгоравіч, людзей расстрэльваць не буду. І Канстытуцыю парушаць не буду”. А ён мне ў адказ: "Калі не выканаеш мой загад, на цябе надзенуць кайданы”. Вось такі стыль кіраўніцтва. Больш слабыя не вытрымлівалі і ламаліся”.

Нават пасля адстаўкі ў яго быў выбар. Ён мог проста адысці ў цень. Застацца ў баку ад усіх гэтых вар’яцтваў. Не рызыкаваць жыццём. Яго маці, Улляна Рыгораўна, угаворвала сына не канфліктаваць з тымі, хто заставаўся ва ўладзе. Пераехаць да яе ў Васілевічы. Знайсці дзе-небудзь паблізу непрыкметную работу. Жыць.

Генерал Захаранка быў чалавекам абавязку і гонару. Ён вельмі добра ведаў, якога роду загады так настойліва патрабавалі выконваць. Пакінуць такую ўладу ў спакоі і не перашкаджаць яе дыктатарскім планам… ён не мог.

Юрый Захаранка стаў адным з самых актыўных лідараў апазіцыі. Пачаў арганізоўваць грамадзянскае супраціўленне ваяўнічай дыктатуры. У канцы дзевяностых беларускія дэмакраты на бліжэйшых прэзідэнцкіх выбарах маглі вылучыць некалькі патэнцыяльных кандыдатаў. Юрый Захаранка быў адным з найбольш рэальных прэтэндэнтаў на гэтую пасаду.

А тыя міністры, якіх прызначалі пасля яго, пра законнасць ужо не разважалі. І загады не бралі пад сумненне. Яны служылі аддана і безаглядна. Умацоўваючы і ўдасканальваючы шматлікія спецпадраздзяленні, старанна нарошчвалі кулакі лютага рэжыму. Заўважыўшы самую нязначную грамадзянскую актыўнасць, выводзілі на вуліцы і плошчы бранятэхніку, сабак, узброеныя да зубоў карныя структуры. Мірных людзей па-зверску збівалі, катавалі, кідалі ў турмы. Потым паслухмяны выканаўца дыктатару надакучваў. І яго замянялі новым, яшчэ больш паслужлівым.

Генерал Захаранка быў першым і апошнім міністрам МУС, які ведаў, што вышэй за ўсіх правіцеляў -- закон.

Аб’яднаная апазіцыя, высокі аўтарытэт сярод шараговых супрацоўнікаў міліцыі, ды яшчэ ствараемы Саюз афіцэраў уяўлялі занадта вялікую небяспеку для прэтэндэнтаў на доўгую і неабмежаваную ўладу. У такіх умовах яны сябе адчуваць упэўнена не маглі.

...Была вясна. Звычайны дзень. 7 мая 1999-га. Юрый Захаранка паставіў машыну і ішоў да свайго дома. Гэта не якая-небудзь глухая ўскраіна. Поўны жыцця гарадскі квартал. Шматпавярховыя дамы. Пешаходныя дарожкі. Дзіцячыя пляцоўкі. Шмат прахожых.

Мяркуючы па ўсім, у яго быў добры настрой. Не мог не заўважыць, што ўпершыню за ім няма хваста. КДБ -- у той дзень раптам спыніў сочку. І машына, якая звычайна ішла следам, нарэшце знікла. Да дому заставалася ўжо зусім мала. На дарозе яго сустрэў нейкі чалавек. Не выключана, што ён яго добра ведаў. І цалкам давяраў. Іначай не мог бы ён спыніцца і размаўляць з ім так бестурботна.

Аперацыя захопу была прадумана да дробязяў. Вокамгненна з’явілася група здаровых мужыкоў, скруцілі Юрыя Захаранку і запіхнулі ў машыну, якая стаяла паблізу. Яна газанула па пешаходнай дарожцы і знікла за паваротам…

Пра лёс Захаранкі больш ніхто нічога не чуў.

Так у нашай краіне знікаюць людзі. Сярод белага дня. У цэнтры горада. На вачах разгубленых прахожых...

З асабістай справы: Нарадзіўся 4 студзеня 1952 года ў пасёлку Васілевічы Гомельскай вобласці. Тэрміновую ваенную службу праходзіў на Балтыйскім флоце. У 1977 годзе скончыў Валгаградскую вышэйшую школу МУС, у 1987-м -- Акадэмію МУС СССР. У розныя гады працаваў следчым у Светлагорску і Гомелі, намеснікам начальніка Упраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю МУС СССР. З 1994-га па 1996-ы -- міністр унутраных спраў Беларусі. Генерал-маёр. У лютым 1998 года ўвайшоў у склад створанага апазіцыяй Нацыянальнага выканаўчага камітэта Беларусі. Член Нацыянальнага камітэта Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Знік 7 мая 1999 года.

Вольга ЗАХАРАНКА усё засталося там. 

Не хачу пра гэта гаварыць. Успамінаць пра гэта не хачу. Колькі гадоў прайшло? Амаль 13... Усё няпраўда -- час не лечыць. Той жа змрок, той жа боль. Вакол -- чужая краіна. Чужыя людзі. Час для нас нібыта спыніўся.

Ніхто і падумаць не мог, што можа здарыцца такое. Мой муж чалавекам наіўным не быў. Ён разумеў, што творыцца ў краіне... І быў гатовы да самага горшага. Ну, пасадзяць. Не першы, не апошні. Колькі людзей кінута ў турмы ні за што. Не хацелі маўчаць, толькі і ўсяго. Маглі схапіць і яго. Прыдумаць працэс, засудзіць. Але каб на такое адважыцца!..

І толькі мама яго разумела ўсё лепей за нас. Яна сэрцам адчувала бяду -- жыццё яе навучыла. На каленях упрошвала: "Юра, сыночак, я прашу, кінь усё, хадзі да мяне, у нашу старую хату. Уладкуешся дзе-небудзь на работу, будзем жыць. З кім ты змагаешся?”

Усё дарэмна. Не толькі я з дочкамі, нават яна спыніць не змагла. Не мог ён адседжвацца ў глушы ў ціхай хаце... І калі ён не адгукнуўся нават на просьбу маці адысці ад гэтай праклятай палітыкі, дык можна зразумець, чым для яго былі абавязак і гонар. На вялікі жаль, для шмат каго цяпер абсалютна пустыя словы.

Нас тады папярэджвалі. Розныя людзі. Адкрытым тэкстам: ёсць план знішчэння генерала Захаранкі. Ды мы і самі ўжо заўважалі, што вакол ідзе нейкая змрочная валтузня. Сочка рабілася ўсё больш нахабнай. Яны нават не хаваліся. Ішлі ўслед, як сабакі. А ён на нашы перасцярогі адказваў заўсёды адно: "Нічога крымінальнага за мною няма, і ў сваёй краіне я буду хадзіць з паднятай галавой”.

Вось так і хадзіў. Ён быў адважны чалавек. Калі яшчэ на флоце служыў, там адбылася аварыя, якая ледзь не забіла яго. У час падводных вучэнняў, калі ён быў пад вадою, перастала дзейнічаць сістэма падачы паветра. І ён не спалохаўся, не разгубіўся. У ледзяной вадзе выжыў. Тады пра гэта пісалі нават у ваенных газетах. Якая б ні здаралася напасць, пачуццё ўласнай годнасці ён не губляў. Быў сапраўдным камандзірам. Размаўляючы з падначаленымі, не дазваляў сабе голас павысіць. Зразумела, што ўсе яго любілі.

Зламаць такога чалавека немагчыма. Спачатку яны спрабавалі вывесці яго з палітыкі нейкім іншым чынам. Прапаноўвалі накіраваць паслом у Швейцарыю. Якія ў Беларусі стасункі са Швейцарыяй? Зразумела, усё гэта -- адкрытая спроба подкупу. Еўропа, бесклапотнае жыццё... Ад яго трэба было толькі адно -- маўчанне. Пустая задума! Маўчаць ён не мог. Яны гэта зразумелі.

Адкуль у яго такая бескампраміснасць і воля? Лічу, усё з самага дзяцінства, з сям’і. Ніколі не блытаў зло і дабро. Цаніў прыстойнасць. Быў акуратны да крайнасці. Калі іголачка недзе ляжыць, там яна і павінна знаходзіцца заўсёды. Гэта я магу кінуць дзе давядзецца. Ён -- ніколі. Так яго выхавалі бацькі. Звычайныя людзі, добрыя сялянскія карані. Бацька -- беларус, пісьменны, вельмі добра разбіраўся ў палітыцы. Маці з Украіны. А які ў яго быў дзед -- Пятро Акулавіч! Таксама з простай сям’і. Але гаворка ў яго была наўздзіў вобразная. Я ўсё думала -- адкуль? А вось такія людзі былі. Ніякія даброты на галаву ім не сыпаліся. Усё самі, сваім розумам, сваімі рукамі, цяжкай працай здабывалі. Да вайны ён на будаўніцтве працаваў, канал капаў -- той самы, славуты, ад Масквы да Волгі. Дык яго жонка з нашага пасёлка Васілевічы пехатой да яго хадзіла. Гэта ж кіламетраў сямсот, калі не болей. Возьме кайстру, нейкіх харчоў для яго. І ідзе пехатой да самай Масквы. Нялёгкае было ў іх жыццё.

А мама ў яго надзіва прыгожая жанчына. Добрая, клапатлівая. Але сыноў трымала ў строгасці. Юра сваіх бацькоў вельмі любіў і паважаў непамерна. Неяк -- мы тады яшчэ не ажаніліся -- бацька паглядзеў на яго і кажа: "Сын, што гэта ты зарос? Табе пастрыгчыся трэба!” Уяўляю якога-небудзь хлопца, якому бацька сказаў бы такое ў прысутнасці нарачонай. А Юра нават не запярэчыў: "Тата, тата”. І пайшоў стрыгчыся. У мяне бацька ваенным лётчыкам быў. І ў сям’і таксама строгасць шанавалася. Але каб такое паслушэнства!..

Так атрымалася, што з яго мамай я пазнаёмілася раней, чым з ім. Cкончыла інстытут, атрымала дыплом зубнога ўрача. Накіравалі мяне ў Васілевічы. Маладога спецыяліста ў бальніцы сустрэлі ветліва. Потым спахапіліся: а дзе ж мне жыць? Я ж тады зусім маладзенькая была. Усе мне спачувалі. Адзін супрацоўнік, які гаварыў па-ўкраінску, усё бедаваў: "Така гарна дзівчіна, а шчо ж вона будэ робыты?” А потым успомніў пра Улляну Рыгораўну, павёў мяне да яе. У яе, кажа, усе дзяўчаткі, якія кватаравалі, удачна замуж павыходзілі.

Мне і праўда там вельмі спадабалася. У хаце чыста, парадак. Адразу ж відаць, калі на гэта часу і рук не шкадуюць. Гаспадыня строгая, але дабрыні незвычайнай. Клапатлівая і ўважлівая. Добра мне жылося ў яе. А потым з арміі Юра вярнуўся.

Пазнаёміліся. Відаць, я яму спадабалася. Здаецца, толькі тыдзень і прайшоў, а ён ужо прапаноўвае руку і сэрца. Такі вось рашучы хлопец. Станісты. Сям’я харошая. Што ж, я згадзілася. Позна ўжо было, а ён усю радню сабраў, каб парадаваліся за яго. Потым вяселле было -- усё як належыць. З абрадам. Мама яго ўсё наказвала сыну: "Ты ж глядзі, не крыўдзі сіротку!”

І бацькі яго, і ўся радня вельмі мяне палюбілі. Мне лёгка было ўвайсці ў гэтую сям’ю. Вядома, у жыцці ўсякае бывае. І ў нас з Юрам здараліся сваркі. Я пакрыўджуся і адразу пачынаю званіць у Васілевічы. І мама, выслухаўшы мяне, строга гаварыла: "Добра, Вольга. Разбяруся. Я яму і пракурор, я яму і суддзя!” І ўсё! Цень аблачынкі прабягаў імгненна, і зноў пачынаўся сонечны, ясны дзянёк. Слова маці для яго было святое.

У тыя далёкія ўжо часы даводзілася мне чуць, што пра нас гаварылі людзі: ды яна ж за ім, як за мураванай сцяною. Так, гэта праўда. Усё браў на сябе ён. Галава сям’і -- не пустыя словы. Потым, калі ўсё гэта здарылася, я адчула напоўніцу, што значыць жыць без гэтай мураванай сцяны, калі ты з бядою сам-насам. І што б ні здарылася, ужо ніхто не прыйдзе на дапамогу.

У тыя гады, калі ён яшчэ ўзначальваў камітэт па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю, Беларускае тэлебачанне рыхтавала нейкую перадачу пра яго. Напрасіліся з інтэрв’ю і да мяне. Я папрасіла Юру дапамагчы мне падрыхтавацца да гэтых здымкаў. Ён тады рассмяяўся: "Ды ты хоць ведаеш, якое ў мяне званне?” У гэтай яго іранічнай рэпліцы, вядома ж, была доля ісціны.

Я старанна падрыхтавалася. Запісала сабе нават нейкі тэкст. Але ўваліўся да мяне натоўп настырных тэлевізіёншчыкаў, проста абрынуў на мяне сляпучае святло сваіх сафітаў, і я імгненна забылася пра свае шпаргалкі. І ўсё пачала па-свойму, з чыстага ліста. Дык вось шмат чаго перадача гэтая і мне адкрыла. Тое, аб чым дома ён ніколі не расказваў, каб дарэмна нас не трывожыць. З якой рызыкай і ўсякімі іншымі складанасцямі звязана гэтая яго работа.

Аднак самая вялікая небяспека пагражала яму зусім не з таго боку. Ён быў прафесіяналам. І як змагацца са звычайнай крымінальшчынай, ведаў дасканала. Шмат чаго ён пабачыў. Розныя справы даводзілася яму разблытваць. Здавалася, набыты з гадамі вопыт не мог не паўплываць, і далёка не лепшым чынам, на тую сістэму каштоўнасцяў, якую вынес ён са свайго дзяцінства, са сваёй сям’і. Ды, відаць, надзвычай трывалымі былі гэтыя прынцыпы жыцця. Скептычны погляд на гэты далёка не лепшы свет ён не займеў. І веру ў людзей не страціў. "Паглядзі, -- я казала яму незадоўга да страшнага дня, -- усё ідзе на спад, і на плошчу з кожным годам выходзіць усё меней народу...” Не, ён не мог пагадзіцца са мной. "Усё сваім часам, Вольга. Грамадства павінна выспець”. Нешта яно занадта доўга выспявала. Помню, як пасля пахавання Генадзя Карпенкі прыйшоў ён дадому. Доўга маўчаў. Я разумела, што з ім адбываецца. Нават не спрабавала загаварыць. А потым ён сказаў мне: "Усё, цяпер я застаўся адзін”.

Ён залішне давяраў тым, хто быў з ім побач. А я проста па-жаночы, інтуітыўна заўважала, што далёка не ўсе з іх заслугоўваюць гэты давер. Аднойчы мы ехалі з ім некуды, і па дарозе ён вырашыў заехаць на адзін з ведамасных аб’ектаў, дзе тады ішоў рамонт. Там сустрэў нас хтосьці з высокіх чыноў. Яго, так бы мовіць, паплечнік. Заўважыўшы, што Юрыю Мікалаевічу не спадабаўся колер агароджы, чын гэты схапіў малярскі пэндзаль і пачаў уласнаручна перафарбоўваць агароджу. Я проста жахнулася ад такой страшэннай дагодлівасці. "Пабачыш, -- сказала я потым Юру, -- гэты першым табе здрадзіць”. Ён абурыўся тады: "Як ты можаш так гаварыць пра людзей!” На вялікі жаль, праўда была на маім баку.

Здраджвалі яму многія. І найперш тыя, хто настырна набіваўся яму ў сябры. А вось людзі звычайныя, не чыноўныя, асабліва тыя, з кім сябраваў ён ад самага дзяцінства, яшчэ ў школе, -- механізатары, працаўнікі, так і засталіся верныя таму іх даўняму сяброўству. І я заўсёды ведала: калі да іх звярнуцца, прыйдуць і дапамогуць.

Калі ўсё гэта здарылася, многія з ранейшых знаёмых нават званіць перасталі. А вось суседзі нашы, самыя звычайныя, якія да чыноўніцтва і іншых высокіх колаў дачынення не мелі, нават дзверы ў сваю кватэру не зачынялі. У нас з імі агульны калідор, і яны баяліся, што раптам не пачуюць, калі я паклічу на дапамогу.

І вось яшчэ быў у нас дзіўны выпадак. Яму вельмі рэдка сніліся сны. А тут, ці не напярэдадні знікнення, раптам прачнуўся ён сярод ночы і нават ускрыкнуў. Я пытаюся: "Што з табой?”, а ён кажа: "Кажан!.. заляцеў у акно!..” Мы ўключылі святло. Усё агледзелі. Няма нічога. Я паспрабавала яго супакоіць: "Гэта сон, усяго толькі сон”.

А потым надышоў той самы дзень -- 7 мая. Ён пазваніў. Сказаў, што вяртаецца. Папрасіў згатаваць яду -- ён ужо блізка ад дома. Я нешта там разагрэла. Паставіла на стол. Пачала чакаць. А яго ўсё няма...

Пра тое, што было, спрабую не думаць. Каб не звар’яцець. Мне вельмі цяжка. Пастаянна баліць сэрца. Часам здаецца, што кіну тут усё і вярнуся. У мой пакінуты дом. Зноў убачу суседзяў, якія пакідаюць адчыненымі свае дзверы, каб прыйсці на дапамогу, калі мне стане нясцерпна. А потым усё праходзіць, і я пачынаю думаць: а як жа мы можам паехаць? Я ж не ведаю, што там нас падпільноўвае? І вось ужо вырас мой унук Кірыл, якога мы прывезлі сюды малышом. Ён гаворыць з акцэнтам. Што мы там будзем рабіць з маім маленькім немчыкам?..

А тады, майскай ноччу, у наша адчыненае акно ўсё ж такі праслізнуў вялікі кажан. Кажаніска. Так і застаўся ён у маім доме, у маёй краіне. Прайшло ўжо столькі гадоў, а я ўсё ніяк не магу прагнаць яго са свайго жыцця.

Тут у мяне добрыя сябры. Але сустракацца з імі цяпер я буду рэдка. Мы скончылі першую ступень. І настаўнікі вырашылі, хто і дзе будзе вучыцца далей. Я пайду ў гімназію. Лічу, што вучыўся нядрэнна, калі мяне туды накіроўваюць. Але з сябрамі мне расставацца шкада. У гімназіі шмат каго ўжо не будзе побач. Мама кажа, да гэтага трэба прывыкнуць. Нічога не зробіш. Рана ці позна людзям прыходзіцца расставацца. І дарослым, і дзецям.

Ці ведаю я пра Беларусь? Вядома ж, ведаю. Мама і бабуля мне шмат расказвалі. Я ведаю, што ёсць такі горад Мінск. Мы паехалі з яго, калі я быў яшчэ маленькі. Там у мяне быў дзед -- Юрый Захаранка. У мамы захаваўся запіс. Нехта зняў нас на відэакамеру. Вельмі даўно. Дзед смяецца. А я зусім-зусім маленькі, поўзаю ў яго на грудзях. І ён гаворыць мне: "Расці, Кірыл! Будзе каму на маёй магіле крапіву вырваць”. Чаму ён такое сказаў, мне не зразумець. Ад яго я не гэта хацеў бы пачуць.

Так, я ведаю, дзе Беларусь. Там жыве яшчэ адна мая бабуля -- Улляна. Як правільна сказаць? Прабабуля дакладна. Мы гаворым з ёю па тэлефоне. Хацеў бы ўбачыць яе. Паехаць туды. Мне з ёю лёгка -- яна ведае нямецкую мову. Званю, чую яе голас: "Гутэн таг, Кірыл!” Нібыта яна недзе побач, на суседняй вуліцы. Гэта дрэнна, што я не магу яе бачыць.

На той плёнцы, дзе са мною дзед, ён жа зусім яшчэ малады. А яго ўжо няма. Калі б нічога не здарылася, усё магло быць па-іншаму. Аднойчы ён прыехаў бы да нас. Я паказаў бы яму стары Мюнстэр. Мы б з ім пра што-небудзь гаварылі. Не ішлі моўчкі. Па Зальцштрасэ на Домплац. Хай сабе нават проста на Бюльт, да аўтобуса. І, можа, сустрэліся б там хлапчукі з нашага класа. І ўбачылі б, што ўсё праўда, у мяне ёсць дзед. Такі, як на гэтым яго фотаздымку.

У гімназіі ў мяне з’явяцца ўжо новыя сябры. Ці буду я расказваць ім пра тое, хто я і адкуль? Не, наўрад. Навошта? Неяк мы ішлі пасля школы дадому. І хтосьці пачаў расказваць, кім быў яго дзед. Не ведаю, чаму, але я не змог прамаўчаць: "А мой дзед быў міністрам і генералам”. Усе засмяяліся. Адзін з гэтых хлопчыкаў сказаў: "А мой дзед быў каралём!”

Не, яны ўсе харошыя хлопцы, мае сябры. Проста шмат аб чым не трэба расказваць. Там другое жыццё. Усё было вельмі даўно.

Крынiца: Народная Воля
Просмотров: 903 | Добавил: panamarou

Погода Беларусь

 
Поиск

Календарь
«  Январь 2012  »
ПнВтСрЧтПтСбВс
      1
2345678
9101112131415
16171819202122
23242526272829
3031

Архив записей
 
Друзья сайта

 


Copyright MyCorp © 2024