16 лютага ў Варшаве на Замкавым пляцы, самым гістарычным мейсцы польскай сталіцы, адбылася акцыя салідарнасьці з палітвязьнямі. У акцыі прынялі ўдзел беларусы, якія пакінулі межы сваёй краіны з-за перасьледу з боку ўлады.
На пляцы збудавалі папяровы мур, сымбалізуючы сьцены беларускіх турам. Мінакі падыходзілі да мура, выказвалі беларусам словы салідарнасьці і падтрымкі. З дапамогай відыёпраектару варшавянам паказалі відыёхроніку падзеяў 19 сьнежня ў Менску.
Актывісты ‘Еўрапейскай Беларусі’ трымалі фатаздымкі палітвязьняў: Андрэя Саннікава, Ірыны Халіп, Ўладзіміра Някляева, Дзмітрыя Бандарэнка, Аляксандра Атрошчанка, Насты Палажанкі, Мікалая Статкевіча, Анатоля Лябедзька і іншых, а таксама вялізны банэр «STOP TERROR IN BELARUS».
На прыканцы акцыі адбылося сымбалічнае руйнаваньне муру ў знак вызваленьня ўсіх палітвязьняў Беларусі. У акцыі прынялі ўдзел прадстаўнікі фундацыі ‘Адкрытая Беларусь’. Пасьля выбараў у Беларусі прайшло 60 дзён. У сувязі з апошнімі падзеямі ў сьвеце, міжнародная супольнасьць усё меньш цікавіцца Беларусьсю.