З падрыхтоўчага курсу па польскай мове ў межах праграмы імя Кастуся Каліноўскага распачынаецца новы, дадатковы набор студэнтаў выключаных у апошні час з беларускіх ВНУ за палітычнае іншадумства. Як паведаміла кіраўніца Камітэту рэпрэсаваных «Салідарнасць» Іна Кулей, група студэнтаў дапаўняецца усё новымі асобамі.
- Гэтая група па-за чарговая. Быў звычайны набор праграмы Каліноўскага, якая распачалася ў 2006 годзе і не перапыняла сваё існаванне: і увесну і ўлетку быў звычайны набор на новы акадэмічны год 2010/2011, але прыйшлося ў сувязі з такімі падзеямі абвесціць набор на гэтую праграму яшчэ раз. Я думаю будзе каля трыццаці чалавек, можа трошкі болей.
Афіцыйная інаўгурацыя сёлетняй праграмы прызначаная на 21 сакавіка. З моманту яе заснавання ў 2006 годзе ў праграме ўзялі ўдзел каля 270 чалавек.
Кастусь Бандарук, Радыё Рацыя